Авакада (Persea americana)

 Авакада - вечназялёная пладовая культура, якая расце пераважна ў трапічных шыротах. Дзякуючы каштоўным пладам і цудоўнай якасці драўніны, дрэвы авакада вырошчваюць у многіх краінах свету, але несумнеўным лідэрам у аб'ёмах вытворчасці была і застаецца Мексіка.

У натуральным асяроддзі дрэва авакада вырастае да 20 метраў у вышыню і пакрываецца разгалістым лісцем, даўжыня якога можа дасягаць 40 см. З аднаго дрэўца ў год збіраюць ад 150 да 350 кг пладоў, якія адрозніваюцца колерам, формай і канцэнтрацыяй карысных рэчываў у залежнасці ад гатунку. А ўсяго налічваецца каля 400 гатункаў.

Нягледзячы на ​​трапічнае паходжанне расліны, выгадаваць яго можна і ў кватэры. Аднак дзікі і хатні авакада будуць істотна адрознівацца. Так, у хатніх умовах расліна дасягае ўсяго 3 м. у вышыню, а лісце -5-9 см. Дрэва пачынае пладаносіць толькі на 3-6 год пасля пасадкі і толькі пры адпаведных умовах. Але нават пры правільным даглядзе ніхто не можа гарантаваць, што вырошчванне авакада з костачкі ў хатніх умовах прынясе плады. Ды і смак пакаёвай садавіны адрозніваецца ад той, што была вырашчаная ў спякотных краінах.

Лісце авакада ачышчае і дэзінфікуе паветра ў памяшканні з-за падвышанага ўтрымання эфірных алеяў. Аднак таксама ў іх утрымліваецца тлустая кіслата (персім), якая можа выклікаць алергічныя рэакцыі. Калі ў хаце жывуць дзеці ці хатнія жывёлы, не варта займацца развядзеннем авакада.

Перад тым як пасадзіць костку авакада, яе неабходна прарасціць. Гэта можна зрабіць двума спосабамі:

1. У костку ўстаўляюць калыпкі ў 4 месцах на глыбіню 4 мм, пасля чаго апускаюць у ёмістасць з вадой плоскім бокам. Калыпкі ствараюць апору для косткі і ўтрымліваюць яе такім чынам, што яна застаецца ў вадзе прыкладна напалову. Месцы праколаў не павінны намакнуць. А можна праявіць фантазію і выкарыстаць звычайны пластыкавы стаканчык са зрэзанным дном, як на здымку ніжэй. Перасаджваваь костку ў грунт можна пасля таго, як з'явяцца карэньчыкі даўжынёю ад трох см.



2. Тупым бокам костка змяшчаецца ў гаршчок з загадзя падрыхтаванаю глебаю. 1/3 частка косткі павінна заставацца над паверхняй грунту. Костку паліваюць 1-2 разы на тыдзень да поўнага прарошчвання.

Для адкрытага спосабу падыдзе адстояная вада пакаёвай тэмпературы. Змяняць яе трэба раз у 4-5 дзён. Для прафілактыкі развіцця захворванняў у ёмістасць можна кінуць таблетку актываванага вуглю. Як толькі костка пусціць карані даўжынёй 5 см, яе можна перасаджваць у гаршчок.

Тэрмін прарошчвання ў сярэднім складае 30-35 дзён. У зімовы перыяд парасткі могуць з'явіцца на некалькі тыдняў пазней. Аптымальны час прарошчвання -з траўня па чэрвень, так як у гэты перыяд назіраецца інтэнсіўны рост раслінаў. З лістападу па люты высаджваць костку не рэкамендуецца, бо тады надыходзіць запаволенне росту.

Гадаваць авакада можна практычна ў любой глебе. Галоўнае, каб зямля была друзлай, добра прапускала вільгаць і кісларод. Можна купіць ужо гатовую сумесь у краме. Выбірайце глебы, якія ўтрымліваюць гумус - арганічнае рэчыва, якое падвышае ўрадлівасць экзатычных раслін. Самастойна змяшаць глебу можна з керамзіту, садовай зямлі і перагною ў прапорцыі 1-2-0,5.

Каранёвая сістэма авакада расце імкліва, таму варта загадзя падабраць гаршчок паглыбей. Калі караням будзе нехапаць месца, расліна перастане расці і развівацца. Перасадку маладога авакада праводзяць кожны год па меры росту, пасля 5 гадоў перасаджваць у новы гаршчок трэба не радзей 1 разу ў 3 гады. Каб перасадзіць авакада, сфармуйце дрэнажны пласт з керамзіту або пенапласту таўшчынёю у 2 см., засыпце ёмістасць грунтам, пакідаючы некалькі сантыметраў да краю, змясціце костку ў зямлі карэньчыкамі ўніз на 2/3, моцна не ўтрамбоўвачы, пасля трэба злёгку паліць.

Месца павіннае быць добра асветленае, бо ў цяні дрэва адмовіцца расці. У асабліва сонечныя дні яго неабходна абараняць ад патраплення прамых сонечных прамянёў, бо яны могуць абпаліць лісце. Нельга выстаўляць гаршчок на гаўбец, дзе расліна змерзне, і дапушчаць скразнякоў. На свежае паветра авакада можна выносіць толькі ў летні сезон.

Тэмпература паветра павінная быць на адзнацы 22-26◦ для правільнага развіцця расліны. Авакада хваравіта рэагуе на рэзкія скокі тэмпературнага рэжыму. Пры 18◦ дрэва можа скінуць лісце, пры зніжэнні да 5◦ - загінуць.

Авакада не любіць сухое паветра, таму падтрымлівайце вільготнасць у пакоі на ўзроўні 60-65%. Для стварэння такога мікраклімату апырсквайце расліну 1-2 разы на дзень. Калі ўзімку моцна грэюць батарэі, не лішнім будзе размясціць побач адкрыты слоік, напоўнены вадою.

Трапічная расліна любіць вільгаць, таму яе трэба рэгулярна паліваць:

- 2 разы на тыдзень - вясною і летам

- 2 разы на месяц - позняю восенню і зімою

Вада павінная быць вычышчанаю, мяккаю, пакаёвае тэмпературы. Не пералівайце авакада, бо залішняе ўвільгатненне каранёў можа прывесці да загнівання.

Ад прыроды авакада не адрозніваецца асаблівай галінастасцю. Каб з костачкі вырасла прыгожае дрэва авакада з пышнай кронай, яе неабходна самастойна фармаваць шляхам абрэзкі. 

Праводзіць абрэзку пачынаюць, калі дрэўца вырастае да 30 см. Лепшы час - вясна, калі расліна актыўна набірае зялёную масу. Як толькі з'явяцца першыя 8 лісточкаў, абразаюць верхавіну дрэва. Пасля з'яўлення 5-6 лісцікаў абразаюць бакавыя галінкі. У дарослага дрэва выдаляюць вертыкальныя і вельмі разрослыя галіны ў верхняй частцы.

Перад абрэзкаю інструмэнт старанна дэзынфікуюць, а месцы зрэзу апрацоўваюць садовым варам або пабелам, каб не дапусціць заражэння.