Какос (Cocos nucifera)

 Сямейства пальмавых прадстаўлена ў хатнім кветкаводстве вялікай колькасцю разнастайнасцяў. І прыцягваюць яны сваім экзатычным знешнім выглядам, напамінам пра яркае сонца, цёплае мора, чаго так не хапае жыхарам Беларусі. Для вырошчвання ў памяшканнях падыходзяць не ўсе пальмавыя, а толькі тыя, якія змогуць вытрымаць прапанаваныя ім умовы.

Гарэх какосавай пальмы стаў папулярны ў апошнія гады, як незвычайны экзатычны ласунак. Але акрамя выкарыстання ў сілкаванні абарыгены ўжывалі карычневыя валокны плоду пальмы дзеля выраба адзення, вяровак, сувяніраў. Дзякуючы цвёрдай абалонцы палоўкі гарэха гралі ролю посуду. Какосавую пальму можна выгадаваць і на падваконніку, хоць пладоў ад яе дачакацца вельмі складана.

У прыродзе какосавыя пальмы дасягаюць да трыццаці метраў у вышыню. У кадках яны могуць расці да шасці метраў. У якасці дэкаратыўнага элементу падыходзяць  пальмы Веддзеля і арэханосная.

Верх глянцавага гладкага ствала какосавае пальмы ўпрыгожвае дэлікатнае пёрыстае лісце. Трапічная расліна адносіцца да аднадомных, на ёй размешчаныя як жаночыя, так і мужчынскія кветкі. Яны скрэшчваюцца крыжаваным спосабам. 

Какосы могуць быць ядомымі і неядомымі, адрознівацца колерам - карычневыя, жоўтыя, аранжавыя, зялёныя. Плод касцяніца пакрыты цвёрдаю абалонкаю, якая складаецца з двух пластоў – каляплодніка ды мезакарпыя. Трэці пласт кудзелісты і называецца эндакарпыяю. Ён выкарыстоўваюцца для вырабу розных прадметаў ужытку, адзення. Вырошчваюць какос у прасторных памяшканнях, дзе ён можа расці да сямі гадоў і больш, цешачы вока яркаю зелянінаю.

Існуе адзіны спосаб размнажэння какосавай пальмы -плодам. Костку высаджваюць у падрыхтаваны грунт, паліваюць, і праз некаторы час з'явяцца зялёныя парасткі. Пры гэтым варта прытрымлівацца пэўных умоваў. У гарэха для пасадкі павінна быць захаваная знешняя абалонка. Плод апускаюць на тры дні ў ёмістасць з цёплаю вадою. У прыгатаваны гаршчок насыпают грунт, які складаецца напалову з торфу і пяску. Перад тым як пагрузіць гарэх у глебу, яе добра ўвільгатняюць. Паклаўшы плод какоса гарызантальна, яго паглыбляюць, пакінуўшы адну траціну над паверхняй.

Кантэйнеру з гарэхам ствараюць цяплічныя ўмовы. Тэмпература паветра ў памяшканні павінная не апускацца за адзнаку плюс 25 градусаў, а вільготнасць дасягаць 80 адсоткаў. Для хуткага развіцця расліне неабходны рэгулярны паліў. Увільгатняюць  лісточкі і паветра навокал слабым растворам марской солі. Паскорыць працэс росту можа перамяшчэнне кантэйнера з гарэхам у паліетыленавы пакет. Але пры гэтым неабходна штодня праветрываць грунт.

Звычайна пасля стварэння трапічных умоваў, праз паўгады плод пальмы прарасце. Для размнажэння какоса асаблівых ведаў не патрабуецца, неабходныя толькі цярпенне і клопат.

Як толькі ўсходы какоса будуць мець два-тры лісточкі, то можна іх перасаджваць на сталае месца. Гаршчок  выбіраюць для трапічнага дрэва пабольш, каб у ім караням было вольна. Запаўняюць грунтам, які складаецца з двух частак перагною з лісцем, лёгкага суглінку, дадаюць па адной частцы пяску, тарфяной сумесі і трохі драўнянага вугалю. Кіслотнасць глебы павінная быць мінімальнаю.

Перад перамяшчэннем парастка ў новы гаршчок, грунт трэба добра ўвільготніць.

Ідэальным месцам для вырошчвання какосавай пальмы лічацца аранжарэйныя памяшканні, зімовы сад. Бо трапічнаму дрэву патрэбнае святло, цяпло і пабольш вільготнасці.

Калі правілы пасадкі выкананыя, то пальма пачне хутка развівацца, дасягаючы ў вышыню ад трох метраў і вышэй. Таму перш чым задумацца аб развядзенні какоса ў пакаёвых умовах, неабходна разлічыць, а ці хопіць дрэўцу месца.

Асаблівасці догляду за пальмай:

Расліне трэба як мага больш святла, але яно не павінна абпальваць лісце. У паўднёва-заходняй, усходняй частцы дома сонца дае расеяныя прамяні, там  дастаткова святла. Калі ж такіх куткоў у хаце не знайсці, то давядзецца арганізаваць дадатковае асвятленне. Штучнае дасвечванне адбываецца з дапамогаю люмінесцэнтных лямпаў. Паветра вакол какосавай пальмы лепш стала ўвільгатняць, ужываючы апырскванне з пульверызатара. Важна, каб кропелькі вады патрапілі толькі на лісце. Для грунту патрэбныя пастаянныя палівы вадою пакаёвай тэмпературы. Вадкасць перад палівам абавязкова адстойваюць. У перыяд актыўнага росту дрэва падкормліваюць арганічнымі ўгнаеннямі. Рабіць гэта трэба не менш за адзін раз на месяц. Перасаджваюць пальму кожны год да дасягнення ёю ўзросту ў 3-4 гады. Затым імкнуцца расліну не трывожыць, абнаўляючы верхні пласт глебы ў ёмістасці перагноем. Перасаджваць дарослае дрэва можна тады, калі гаршчок стаў малы, карані апанавалі ўсю прастору. Спосаб перасаджвання - перавалкаю, захоўваючы на ​​каранях камяк зямлі. Напрыканцы восені сухія галінкі, лісце абразаюць. Калі ж ліставыя пласціны пацямнелі ці змянілі колер, то іх лепш пакінуць, як дадатковы пастаўшчык пажыўных рэчываў. У перыяд спакою пальму менш паліваюць, рэдка падкормліваюць.

Сярод хваробаў какосавага дрэва часцей сустракаюцца грыбковыя паталогіі. Вільготнае паветра памяшкання спрыяе развіццю патагенных мікраарганізмаў. Выявіць хваробу можна па наяўнасці плямаў на лісці, па загніванню кораня. Расліна пачынае чэзнуць, спыняецца ў росце. І тут даць рады паталагічным сімптомам можна за дапамогаю апырсквання фунгіцыднымі сродкамі: Фундазолам, Тапазам. Перыядычнасць апрацоўкі хворага дрэўца - адзін раз у два тыдні. Пазбавіць ад захворвання можа трохразовае правядзенне працэдуры.

Каб прадухіліць распаўсюджванне грыбкоў, змяньшаюць вільготнасць паветра, прыбіраюць гаршчок з кветкаю ад прамых сонечных прамянёў. Пры пашкоджанні гнілатой каранёў абавязкова перасаджваюць какосавую пальму ў іншую ёмістасць. Падчас працэдуры хворыя карэньчыкі, сцеблы, лісце абразаюць, і расліну на некаторы час змяшчаюць у раствор Купразана.

Сярод паразітаў, якія пасяляюцца на пальмах, можна вылучыць павуцінневага кляшча, мучністага чарвяка, трыпсаў.

Выявіўшы першыя прыкметы нападу шкоднікаў, расліны апырскваюць інсектыцыднымі прэпаратамі. Сярод іх Фітаверм, Верцімек. Штотыдзень праводзяць лячэбную апрацоўку дрэўца да поўнага знішчэння паразітаў. Шкоднікі і хваробы атакуюць пальму, калі догляд пакаёвай кветкі ажыццяўляецца няправільна, умовы жыцця яе неспрыяльныя.