Прышчэпка

Прышчэпка раслінаў -адзін са спосабаў завесці на сваім участку менавіта той гатунак дрэва, які вам неабходны, не купляючы каліўцаў. Пры прышчэпцы тронак альбо пупышка адной расліны прыжыўляецца на іншай. Пры гэтым не абавязкова, каб гатункі ці віды раслінаў супадалі. Расліна, якое вырасла з прышчэпленага тронка альбо пупышкі, захоўвае ўсе характарыстыкі мацярынскай расліны, ад якой яна была ўзятая.

Дрэва, на якое мы прывіваем патрэбны гатунак, завецца прышчэпай. Напрыклад, высадак, вырашчаны з семечка. Шчэпа - гэта тронак, галінка або пупышка культурнага гатунку, які мы хочам мець.

Для пачатку падрабязней разгледзім будову раслінаў на прыкладзе дрэва. Дрэва складаецца з кораня, ствала (галінкі), лісця і кветак. Месца, дзе корань пераходзіць у ствол, называецца каранёвай шыйкай. Паміж каранёвай шыйкай і першымі галінамі размешчаны штамб дрэва, а пасля першых галінаў і да мінулагодняга прыросту знаходзіцца цэнтральны праваднік. Ствол закончваецца верхавінным прыростам апошняга году.

Самыя буйныя галіны - драбы кроны, гэта першы парадак галінавання, ад іх практычна гарызантальна адыходзяць паўскялетныя галіны, далей ідуць галінавання наступных парадкаў.

Усе галіны дрэва аб'яднаныя адною назваю - крона.

Каб зразумець, як адбываецца прыжыўленне тронка пры прышчэпцы, разгледзім унутраную будову. У папярочным разрэзе галінкі відаць, што яна складаецца з трох частак: кары, драўніны і стрыжня.

Кара выконвае ахоўную функцыю і складаецца з чатырох пластоў: коркавай тканіны, менавіта кары, луба і камбію. Падчас росту, патаўшчэнні ці пашкоджанні галінкі адбываецца дзяленне клетак камбію і дзякуючы гэтаму нарошчваецца кара. Камбій - вельмі важная тканіна галінкі.

Драўніна з'яўляецца асновай ствала і галінаў дрэва. У ёй знаходзяцца драўняныя валокны, якія надаюць трываласць дрэву. Клеткі драўніны здольныя дзеліцца, але не так інтэнсіўна, як клеткі камбію.

Стрыжань - гэта аснова галінак, якая нясе ў сабе сілкаванне для кроны. Гэта таксама своеасаблівы склад запасу пажыўных элементаў.

Лістота - самы актыўны ворган раслінаў. Галоўная функцыя лісця гэта стварэнне арганічных элементаў падчас фотасінтэзу. Адначасова гэта дыханне расліны і выпарэнне вільгаці.

Цяпер разбяромся ў спосабах і метадах прышчэпкі. Сам працэс складаецца ва ўжыўленні пупышкі ці тронка ў ствол ці галінку іншай расліны. Гэтыя тронак ці пупышкі называюцца шчэпай, а расліна, на якую адбываецца ўжыўленне - прышчэпай. Выбар шчэпы залежыць ад метаду прышчэпкі. Існуюць наступныя спосабы прышчэпкі: акулёўка і прышчэпка раслінаў тронкам.

Акулёўка дрэваў можа праводзіцца два разы на год падчас інтэнсіўнага руху соку: ранняй вясною і напрыканцы лета (пачатку жніўня). Яркаю прыкметаю таго, што расліна гатовая прыняць шчэпу, з'яўляецца лёгка адсталая кара ад драўніны. Гэта азначае, што пачалося актыўнае дзяленне клетак камбію і на шчэпе, і на прышчэпе, і яны гатовыя злучыцца.

Увесну акулёўка дрэваў робіцца "растучым" глазком, бо пасля прышчэпкі ён хутка прарастае. Улетку акулёўку праводзяць "слпячым" глазком, бо ён прарасце толькі ўвесну наступнага году. Глазок - гэта непраклюнулая пупышка з гадавых парасткаў мінулага году для вясновай акулёўкі. Для летняй акулёўкі падыходзіць пупышка з парасткаў гэтага году.

Парасткі для зручнасці зразаюцца ў дзень правядзення акулёўкі дрэваў. Для пачатку з абранага парастка вострым лязом або акулёвачным нажом зразаецца пупышка, захопліваючы 2-3 мм драўніны і 12-13 мм кары. Зрэз праводзіцца паралельна восі тронка. Цяпер зрэзаны глазок называецца шчытком.

Месца прышчэпкі на прышчэпе выбіраецца ў залежнасці ад расліны. Напрыклад, пладовыя дрэвы прышчапляюцца на адлегласці 7-8 см ад каранёвай шыйкі, ружа прывіваецца ў каранёвую шыйку, а калонавідныя гатункі прывіваюцца ў 12-15 см ад каранёвай шыйкі. У абраным месцы на паўночным баку прышчэпы, вычышчанай ад бруду і пылу, робяць Т-вобразны надрэз або проста зразаюць прыкладна такі ж па памерах пляц кары, як і шчыток. Пры простым зрэзе шчыток проста шчыльна прыкладваецца да яго. А ў Т-вобразным надрэзе прыўздымаецца кара і туды ўстаўляецца шчыток. Пасля чаго кара пальцамі прыціскаецца над шчытком і адразу ж абвязваецца стужкай тканага моцнага матэрыялу шырынёй 2 см.

Пры абвязцы сама пупышка не закрываецца. Абвязка абавязковая і робіцца дзеля таго, каб адбылося шчыльнае сумяшчэнне клетак камбію шчэпы і прышчэпы, і як мага хутчэй пачала ўтварацца прамежкавая тканіна - каллюс.

Акулёўку лепш праводзіць у пахмурнае надвор'е ці ў гадзіны негарачага сонца. Пасля заканчэння працэсу ў гарачыя дні неабходна месца прышчэпкі закрыць зямлёй на 3-5 см.

Самыя распаўсюджаныя спосабы прышчэпкі тронкам з'яўляюцца прышчэпкі ў расшчэп, пад кару і ў бакавы зарэз. Яны, гэтак жа як і акулёўка, робяцца падчас руху соку. Сакрэт паспяховага прыжыўлення шчэпы палягае ў правільна зробленым касым зрэзе тронка.

Увага! Даўжыня зрэзу павінная быць у 3-3,5 разы больш дыяметра тронка. Зрэз павінны быць роўным і чыстым клінам. Тэхнічна такі зрэз робіцца гэтак жа, як рэжацца каўбаса. Гэта значыць, паклаўшы тронак на апору, вострым нажом  робіцца зрэз так, каб адрэзаная частка была ўзбоч. Такія надрэзы робім з двух бакоў, каб атрымаўся плоскі клін. Затым ніжні востры зрэз кароцім на 2 мм для зручнасці ўстаўлення ў прышчэпу. Тронкі для ўсіх спосабаў рыхтуюцца аднолькава.

Спосаб прышчэпкі пад кару ўжываецца ў выпадку, калі прышчэпа значна таўсцейшая за шчэпу. Гэткая прышчэпка раслінаў робіцца толькі падчас распускання пупышак на прышчэпе. У гэтым выпадку тронак рыхтуецца ў той жа дзень. Калі на прышчэпе ўжо распусцілася лісце, то тронак трэба ўзяць загадзя прыгатаваны. Зараз спілоўваем прышчэпу так, каб зрэз быў роўным, асабліва кольца кары.

Калі ж ствол шырокі, то можна прышчапіць да 5 тронкаў. Колькасць прывоеў залежыць ад вашага жадання. У любым выпадку прывоі трэба размяшчаць бліжэй да поўдня. На падрыхтаванай прышчэпе ў вызначаным месцы робім вертыкальны надрэз кары на 3-4 см. Надрэз павінны захапіць і частку драўніны. Потым трохі  аддзяляем кару побач са зрэзам на прышчэпе і ўстаўляем у надрэз падрыхтаваны тронак так, каб не відаць было зрэзу. Затым абразаем тронак, пакінуўшы 3-4 пупышкі.

Каб перашчапіць тонкае дрэўца, выкарыстоўваецца прышчэпка ў расшчэпу. Прышчэпа ў гэтым выпадку надразаецца напалову на даўжыню кліну шчэпы. У разрэз устаўляецца гатовы тронак і аперацыя скончаная.

Прышчэпкай у бакавы зрэз прывіваюцца менавіта галіны, а не ствалы. Для гэтага лязом вострага нажа пад кутом 30 ° да восі галіны робіцца зрэз, які праразае кару і трохі - драўніну. Ён атрымліваецца заглыбленым у галінку. Пасля паспяховага надрэзу галінка вышэй спілоўваецца роўна над ім. Потым у зрэз устаўляецца падрыхтаваны тронак.

Месцы злучэння прышчэпы і шчэпы туга абмотваюцца, а адкрытыя месцы надрэзаў замазваюцца садовым варам.

Прышчэпка зробленая, і галоўнае зараз - гэта яе захаваць.

Працэс зрастання ў месцы прышчэпкі складаецца з трох этапаў: утварэнне шчэпай і прышчэпай калюса, рассмоктванне ізалявальнай праслойкі і фармаванне агульных сасудаў. Утварэнне калюса адбываецца дзякуючы дзяленню клетак камбію пры пашкоджанні. Прышчэпка па сваёй сутнасці - рана, і таму і на прышчэпе, і на шчэпе адразу ж пасля аперацыі адбываецца ўтварэнне ахоўнай тканіны,  пад якой інтэнсіўна дзеляцца клеткі камбію. На 3-й дзень пасля прышчэпкі ўтворыцца ізалявальная праслойка з адміраючых вонкавых клеткаў шчэпы і прышчэпы. З часам праслойка рассмоктваецца, а шматлікія новыя клеткі камбію зрастаюцца, утворваючы сумесныя тканіны кары і драўніны.

Для таго каб гэты працэс прайшоў хутка і рэзультатыўна, трэба крыху дапамагчы раслінам. У прышчэпы ў прынцыпе нічога істотна не змянілася, а, галоўнае, застаўся асноўны ворган харчавання - корань. Таму дагляд за прышчэпаю застаецца без зменаў, хіба што ў спякотнае надвор'е неабходна павялічыць паліў.

А вось шчэпа, аддзеленая ад матчынай расліны, засталася, як гаворыцца, "без сродкаў да існавання". Калі шчэпа абраная правільна, то назапашаных у драўніне і ў стрыжню пажыўных рэчываў досыць і для ўтварэння калюса, і для сілкавання шчэпы дагэтуль, пакуль не ўтворыцца агульная пажыўная сістэма з прышчэпай. А вось вільгаці шчэпе можа відавочна бракаваць, таму што адзінае месца атрымання вільгаці - гэта паверхня прышчэпы, якая да таго ж падчас зрастання закрываецца ізалявальнай тканінай. Таму пры зрастанні галоўнае - захаваць вільгаць на месцы прышчэпкі. Для гэтага ўжо накладзеная тугая павязка, і ўсе адкрытыя раны замазаны садовым варам, але гэтага мала.

Пры акулёўцы, акрамя тугой павязкі, захаваць вільгаць дапаможа абганянне месца прышчэпкі зямлёй альбо вільготным пілавіннем з драўняным попелам 20:1. Драўняны попел дапаможа пілавінню даўжэй захоўваць вільготнасць, а таксама, з'яўляючыся добрым антысептыкам, прадухіліць укараненне хваробатворных бактэрыяў у надрэзы.

Пры прышчэпках у расшчэп, пад кару і ў бакавы зрэз, варта збудаваць нескладаную прыладу. У першую чаргу на 50 см ніжэй месца прышчэпкі да ствала прымацоўваем жэрдку. Калі прышчэпа - маладзенькае дрэўца, то побач з ім у зямлю забіваем кол. Поліэтыленавы пакет з адрэзаным дном насоўваюць на месца прышчэпкі, захопліваючы жэрдку ці кол. Ніжэй месца прышчэпкі на 5 см ізастужкай прымотваем пакет да ствала разам з жэрдкай. Далей засыпаем у пакет шклянку сумесі вільготнага пілавіння з попелам - так, каб сумесь пакрывала прышчэпку. А вышэй месца прышчэпкі на 5 см, прапусціўшы тронак у асобную адтуліну, прымотваем верхні бок пакету да жэрдкі. Ані ў якім разе нельга прымацоўваць край пакета да шчэпы. Для тронка  цяжар згубны. Таму і сам тронак рэкамендуецца закрыць белым паветрапранікальным папяровым пакетам або ў пакеце зрабіць дзюрачкі.

Калі месца прышчэпкі знаходзіцца невысока ад зямлі, то для захавання вільгаці можна выкарыстаць вядро без дна. Яно адзяваецца на шчэпу ўніз дном, унутр засынаецца сумесь пілавіння з попелам так, каб вонкі тырчалі верхнія пупышкі прышчэпленага тронка. Звонку ўнізе вядро варта абагнаць зямлёй. Ва ўсіх выпадках пілавінне засыпаем вельмі акуратна, каб не закрануць тронак і не парушыць шчыльны судотык шчэпы і прышчэпы.

Пасля таго, як зробленыя ўсе прыстасаванні і хованкі, застаецца толькі чакаць. На працягу двух тыдняў адбываюцца ўсе этапы зрастання шчэпы з прышчэпай. У гэты час расліна не мае патрэбы ў якім-небудзь умяшанні, хіба што толькі ў паліве пры гарачым надвор'і.

Праз два тыдні можна вызначыць, прыжылася шчэпа ці не. Аб гэтым можна меркаваць па стане глазка альбо тронка.

У выпадку паспяховага прыжыўлення мы бачым здаровы, не зморшчаны глазок, а ў месцах злучэння кары шчэпы і прышчэпы павінны быць грудок калюса карычневага колеру. Калі гэтых прыкметаў няма, значыць, глазок не прыжыўся. Не хвалюйцеся, акулёўку можна паўтарыць, калі не сёлета, дык у наступным годзе. Робіцца яна на тую ж прышчэпу, толькі з другога боку.

Прышчэпленая расліна мае патрэбу ў паліве, у рыхленні глебы, у падкормцы, у абразанні дзікай параслі, у паслабленні абвязкі і ў падвязванні маладых парасткаў. З каранёвай шыйкі праз нейкі час абавязкова палезе дзікі параснік, які, калі яго не выдаляць, будзе забіраць сабе ўсе пажыўныя рэчывы, якія ідуць ад кораня, і саслабляць тым самым маладую шчэпу. Кожныя 20 дзён неабходна старанна аглядаць каранёвую шыйку на прадмет параслі, і з такой жа перыядычнасцю варта саслабляць павязку на месцы прышчэпкі. Гэта робіцца дзеля таго, каб павязка не ўрэзалася ў ствол пры  росце расліны. Па меры росту маладыя парасткі падвязваюць да кола, убітага ў зямлю побач з прышчэпай.

Незалежна ад таго, калі была зробленая прышчэпка (вясной ці летам), да адкрытай зімоўкі пабегі яшчэ не гатовыя. Таму на зіму месца прышчэпкі варта абагнаць зямлёю, а парастак разам з калом абматаць мешкавінай. Паліў, рыхленне і падкорм праводзяцца гэтак жа, як і для непрышчэпленай расліны.

Пры прышчэпках сігналам паспяховага зрастання з'яўляюцца набраклыя пупышкі, а можа нават і праклюнулыя лісточкі. На месцы прышчэпкі павінен быць грудок калюса. Пасля зняцця вільгастрымліваючых прыладаў (акрамя жэрдкі), на прыжыўшымся тронку пакідаем адну праклюнулую пупышку, якая расце вонкі кроны, а астатнія выдаляем. Тронак вельмі слабы, і выгадаваць большую колькасць галінак не здольны. Адразу ж подвязываем тронак да жэрдкі. Калі для вільгастрымліваючай працэдуры быў убіты кол, то да яго трэба прывязаць і ствол прышчэпы ў 30 см ніжэй прышчэпкі. Паверце, прышчэпленыя тронкі настолькі далікатныя, што досыць невялікага ветру, каб зламаць іх. Не падвязаўшы шчэпу, мы рызыкуем страціць плён нашых тытанічных намаганняў.

Таксама як і пры даглядзе за прышчэпай, так і з акуляванай шчэпай: кожныя 20 дзён абразаем усе парасткі ніжэй прышчэпкі і саслабляем павязку. У выпадку, калі ствол у месцы прышчэпкі моцна патаўшчаецца, неабходна зрабіць баразненне - міліметровае надразанне кары вострым лязом. Гэта зменшыць ціск імкліва размножваючыхся клетак пад карою.

На зіму малады парастак хаваем мешкавінай разам з апораю. Ва ўсім астатнім дагляд  звычайны: паліў, рыхленне глебы, падкорм.

Поспехаў!