Падсілкаванне

Ад вясны да восені хатнія расліны маюць патрэбу ў пажыўных рэчывах. Падсілкоўваць іх можна ўгнаеннямі з крамы, але шматлікія кветкаводы аддаюць перавагу натуральным прадуктам. З іх можна прыгатаваць карысныя і эфектыўныя народныя сродкі.



Падкормка цукрам.

Глюкоза,  што змяшчаецца ў цукры,  з'яўляецца выдатным будаўнічым матэрыялам і крыніцай энергіі, таму  янавельмі карысная для раслінаў. Аднак без вуглякіслага газу яна не засвойваецца і можа прывесці да ўтварэння цвілі ў глебе і да загнівання каранёў. Каб гэтага не адбылося, разам з цукрам рэкамендуецца выкарыстоўваць ЭМ-прэпараты, у склад якіх уваходзяць мікраарганізмы. Гэта можа быць "Усход ЭМ-1" або "Байкал-ЭМ-1".

Ужываць цукар для ўгнаення магчыма двума спосабамі:

- Расліна паліваецца растворам з 1 сталовай лыжкі цукру і 1 літру вады. Дадаткова глеба ўгнойваецца ЭМ-прэпаратам, разведзеным па інструкцыі.

- Цукар насыпаецца зверху на глебу з разліку 1 гарбатная лыжка на 10 см. дыяметра гаршчка. Потым глеба паліваецца растворам з ЭМ-прэпарату.

Замест цукру можна выкарыстоўваць ужо гатовую глюкозу, растварыўшы ў 1 літры вады 1 таблетку.

Увага! Частата падкормаў глюкозай і цукрам павінная быць не часцей за 1 раз на месяц!

Драўняны попел для раслінаў.

Драўняны попел вельмі карысны для ўсіх раслінаў. У якасці падсілкавання яго можна выкарыстоўваць і для хатніх кветак, і для агародных культураў. Тлумачыцца гэта яго багатым мінеральным складам. Попел змяшчае:

кальцый;

цынк;

магній;

серу;

жалеза;

фосфар.

Акрамя багатага мінеральнага складу, попел яшчэ каштоўны тым, што дэзінфікуе глебу.

Выкарыстоўваць драўняны попел для падсілкавання можна двума спосабамі:

- Сухі падкорм. Перад пасадкай раслінаў  попел змешваюць з грунтам у суадносінах 1:50.

- Вадкі падкорм. На працягу тыдня неабходна настаяць зольны раствор, растварыўшы для гэтага ў 1 літры вады 3 сталовыя лыжкі попелу. Выкарыстоўваць такое ўгнаенне для паліву  рэкамендуецца адзін раз на два тыдні.

Падсілкаванне дрожджамі.

Ужыванне дрожджаў у якасці угнаенняў дапаможа паўнавартасна і актыўна развівацца пакаёвым раслінам. Спрыяюць гэтаму  гармоны і вітаміны групы B. Дрожджы можна параўнаць з паўнавартаснымі мінеральнымі ўгнаеннямі, паколькі падкормы імі маюць наступныя дзеянні:

- павялічваюць актыўнасць мікраарганізмаў у грунце;

- прадукуюць фосфар і азот;

- паскараюць мінералізацыю арганічных рэчываў;

- узмацняюць вылучэнне вуглекіслаты.

Два посабы ужывання:

- Жывыя дрожджы. У літру вады трэба развесці 200 грамаў прасаваных дрожджаў, паставіць раствор у цёплае месца і даць яму настаяцца не менш за дзве гадзіны. Пасля гэтага дражджавы раствор можна выкарыстоўваць дзеля ўгнаення, папярэдне развёўшы яго з вадой 1:10.

- Сухія дрожджы. У 10 літрах цёплай вады разводзіцца 10 грамаў дрожджаў і 3 сталовыя лыжкі цукру. Раствор павінны настаяцца ў цёплым месцы адну ці дзве гадзіны. Калі атрыманага аб'ёму будзе зашмат, то можна растварыць у літры вады 1 грам дрожджаў. Але ў любым выпадку перад палівам раствор трэба будзе развесці ў вадзе ў суадносінах 1:5.

Дражджавымі растворамі хатнія расліны падсілкоўваюць адзін раз на сезон, гэта значыць вясной да квітнення, летам падчас квітнення і восенню. Дзейнічае ўгнаенне прыкладна два месяцы.

Увага! Дрожджы здольныя паглынаць калій, таму разам з імі расліны рэкамендуецца падсілкаваць попелам!

Ужываць варта толькі свежы раствор, у адваротным выпадку ў грунце пачне развівацца патагеннае асяроддзе.

Бурштынавая кіслата.

Атрыманая пры перапрацоўцы натуральнага бурштыну кіслата мае шмат карысных уласцівасцяў. Аднак для раслінаў яна выкарыстоўваецца не як угнаенне, а як дапаможны дадатак, ужыванне якога умацоўвае імунітэт і дапамагае засвойваць карысныя рэчывы.

Спосаб ужывання:

У адным літры цёплай вады растварыць адзін парашок ці таблетку прэпарата. Атрыманым растворам паліць глебу ў гаршчку ці апырскаць лісце расліны. Для карыстання ён будзе прыдатны на працягу трох сутак. У растворы можна замочваць насенне і тронкі.  Ужываць бурштынавы раствор можна не часцей за  раз на год. Суккуленты і кактусы падсілкоўваюць ім адзін раз на два ці нават на тры гады.

Ёд.

Магчыма нехта здзівяцца, але ў якасці падсілкавання для  раслінаў можна выкарыстоўваць ёд. Важным элементам у іх жыццядзейнасці ён не з'яўляецца, але ёдны раствор дапаможа кветкам больш інтэнсіўна расці і квітнець, абароніць іх ад грыбковых захворванняў.

Ужыванне:

у 1 літры вады развесці 1 кроплю ёду. (Увага! Канцэнтрацыю раствору павялічваць нельга, інакш можна загубіць расліну). За дзень да ўжывання ёднага ўгнаення расліну рэкамендуецца паліць чыстаю вадою. Атрыманы раствор варта ліць па краі гаршчку, каб не абпаліць карані.

Падкормку з ёду рэкамендуецца выкарыстоўваць вясной і летам адзін раз на тры месяцы, кволыя ды аслабленыя расліны можна паліваць адзін раз на 10 дзён.

Спітая кава.

Калі вы аматар натуральнай кавы, то пасля прыняцця духмянага напою не выкідвайце кававую гушчу, паколькі яе можна выкарыстоўваць дзеля ўгнаення. Вядома, ніякімі пажыўнымі рэчывамі выкарыстаная кава глебу не насычае, аднак, пасля яе ўнясення грунт стане больш лёгкім і друзлым, за кошт чаго ў яго лягчэй будзе пранікаць кісларод і павысіцца кіслотнасць.

Але варта памятаць, што высокую кіслотнасць  глебы любяць не ўсе расліны, таму кававую гушчу ў якасці падкорму рэкамендуецца выкарыстоўваць для азалій, рададэндранаў, руж, лілей, гладыёлусаў і многіх дэкаратыўна-лісцяных раслінаў.

Угнаенні з гародніны і садавіны.

У якасці падсілкавання для пакаёвых раслінаў можна выкарыстоўваць нават гародніну ды садавіну:

- Выдатным абаронцам ад шкоднікаў і хваробаў з'яўляецца цыбуля.  У яе шалупіне змяшчаецца багата мікраэлементаў. Падсілкоўваюць расліны настоем, які рыхтуецца з літру кіпеню і жмені шалупіны. Раствор кіпяціцца каля 10 хвілінаў на слабым вагні, пасля чаго яшчэ 3 гадзіны настойваецца. Перад ужываннем раствор працаджваюць і апырскваюць (не паліваюць!) ім верхні пласт глебы ў гаршчку. Ужываць рэкамендуецца два разы на месяц.

- Настой з лупіны апельсінаў ці мандарынаў умацуе імунітэт расліны, абароніць яе ад захворванняў і шкоднікаў. Рыхтуецца настой са здробненых скарыначак, якімі варта запоўніць траціну літровай ёмістасці і заліць вадою так, каб слоік запоўніўся цалкам. Праз суткі настой працаджваецца, пасля чаго ў слоік даліваецца вада да літровага аб'ёму. Увесну ды ўлетку цытрусавым настоем паліваюць 2 разы на месяц, а ўвосень і ўзімку - 1 раз на месяц.

- Шмат пажыўных рэчываў, а асабліва калію, утрымлівае бананавая лупіна. З яе можна рабіць такі ж настой, як і з лупіны цытрусавых, альбо выкарыстоўваць як парашок. Для гэтага лупіну бананаў трэба прамыць, добра высушыць і здрабніць у блендере. Атрыманы парашок насыпаюць на грунт і паліваюць вадою. Выкарыстоўваць такі падкорм можна 1 раз на месяц.

Правілы.

Перш чым прыступаць да падсілкавання, вывучыце правілы занясення ўгнаенняў, каб не нашкодзіць сваім раслінам:

- Перад унясеннем раствораў з угнаеннямі глебу рэкамендуецца паліць прыкладна за дзень чыстаю вадою. Такая працэдура абароніць карані ад апёку.

- Перасаджаныя расліны варта падкормліваць не раней, чым праз два месяцы.

- Расліны з хваробаю ці шкоднікамі ўгнойваць нельга. Папярэдне іх трэба вылекаваць.

- Усе ўгнаенні неабходна выкарыстоўваць толькі па інструкцыі. Іх празмернасць можа прывесці да негатыўных наступстваў.

- Не ўсім раслінам падыходзяць універсальныя ўгнаенні, таму для некаторых ёсць спецыяльныя падкормы. Кактусы ды архідэі падсілкоўваць варта асабліва акуратна, бо звычайная канцэнтрацыя падкормаў можа іх загубіць.

Пакаёвыя расліны маюць патрэбу ў рэгулярным харчаванні, асабліва ў вегетацыйны перыяд. Таму вясной варта выбраць прыдатныя для іх падкормкі і насыціць глебу пажыўнымі элементамі. Зялёныя гадаванцы аддзячаць вам за своечасовае харчаванне прыгожымі новымі лісточкамі, актыўным ростам ды пышным квітненнем.