Аліўкавае дрэва (Olea europaea)

Мабыць, аніводнае дрэва ў свеце не было такое папулярнае, як аліўкавае. Гэта сапраўдная культавая расліна для жыхароў Міжземнамор'я і не толькі. Голуб, які нясе аліўкавую галіну, лічыцца агульнапрызнаным сімвалам міру для многіх народаў планеты і выкарыстоўваецца як эмблема ў міратворчых арганізацыях. Аліўкавае дрэва - гэта адна з самых старажытных пладовых культураў, яго неаднаразова згадваюць у біблейскіх прытчах і старажытнагрэцкіх міфах. З ім непарыўна звязана гісторыя і побыт міжземнаморскіх народаў. Яго выкарыстоўваюць у харчовай прамысловасці для вырабу алею і кансервацыі, ужываюць у лячэбных і касметычных сродках, у інкрустацыі і разьбярстве па дрэве, у барацьбе з апоўзнямі і эрозіямі глебы.

За дэкаратыўнасць серабрыстай лістоты шануецца аліва і дызайнерамі, якія працуюць над стварэннем міжземнаморскага стылю ў інтэр'еры ці ландшафце. Дрэвамі ў кадках упрыгожваюць двары і тэрасы, ствараюць мініяцюрныя дрэўцы - бонсай. Для пакаёвай культуры былі выведзены спецыяльныя гатункі і аматары экзотыкі могуць выгадаваць у сябе сапраўднае аліўкавае дрэва.

Аліўкавы дрэва, або аліва еўрапейская (Olea europaea) -вечназялёнае дрэва сямейства Маслінавых (Oleaceae) ад 4 да 12 м у вышыню. Гэтая расліна -сапраўдны доўгажыхар. Вядомыя некаторыя экзэмпляры, якія растуць каля 2 тысячаў і болей гадоў. Скрыўлены ствол і доўгія вузлаватыя галіны дрэва пакрытыя шэраю карою. Светла-зялёнае з сярэбраным адценнем лісце вузкаланцетнай формы не абсыпаецца восенню і трымаецца на дрэве да двух гадоў. Квітнее з сярэдзіны вясны да сярэдзіны лета маленькімі, духмянымі двуполыми кветкамі, якія сабраныя па 1040 штук у крэмавыя або малочныя суквецці.

Праз чатыры месяцы пачынаюць спець першыя плады. Гэта касцяніцы даўгаватай формы каля 4 см у даўжыню. Пакрытыя васковым налётам яны бываюць зялёнымі, цёмна-фіялетавымі альбо чорнымі -колер залежыць ад гатунку расліны. (Дрэва пачынае актыўна даваць ураджаі пасля 20-гадовага веку. Пладанашэнне надыходзіць раз у два гады). 

Аліву культывуюць у міжземнаморскіх краінах і ў мясцовасцях з падобнымі кліматычнымі ўмовамі. Самымі вядомымі краінамі вытворцамі лічацца Грэцыя і Італія. З больш як 30 відаў гэтай расліны ў сельскай гаспадарцы вырошчваецца толькі аліва еўрапейская. Яе гатункі падзялілі на групы ў залежнасці ад ужывання:

сталовыя - з буйнымі, мясістымі пладамі, якія выкарыстоўваюцца для кансервацыі, салення і марынавання;

- алейныя - маюць плод з найбольшым утрыманнем алею. Менавіта з гэтых гатункаў аліў робяць знакаміты аліўкавы алей;

- універсальныя -з пладамі, з якіх робяць і алей, і кансервацыю.

Аліва вельмі ўстойлівая да ўмоваў гарадскіх кватэраў. Каб выгадаваць яе ў пакоі рэкамендуюць падбіраць гатункі сталовага прызначэння, такія як Делла Мадонна, Урцінскі, Нікіцінскі, Крымскі, Рацо. Расліна хутчэй будзе выконваць дэкаратыўную функцыю і разлічваць на пладанашэнне не варта. Атрымаць з дзясятак пладоў цалкам магчыма толькі пры выкананні такіх умоў:

- Расліна вельмі патрабавальна да асвятлення, важна каб яно з раніцы да вечара знаходзілася пад яркімі сонечнымі прамянямі. У кватэрах для гэтага падыдуць паўднёвыя вокны, а на лета яго выстаўляюць на гаўбец.

- Адна з асноўных умоваў пладанашэння -тэмпературны рэжым. Падчас зімоўкі аліўкаваму дрэву патрэбная тэмпература +10°С. У кветкаводаў,  якія нядаўна  набылі расліну, часта ўзнікае пытанне: ці павіннае ападаць лісце на зіму? Не забывайце, што гэта вечназялёная расліна, і кожны лісточак можа расці на дрэўцы да двух гадоў. Нармалёвым будзе і ападанне лісця, так што не варта палохацца і прымяняць нейкія рэанімуючыя дзеянні.

У прыродзе дрэвы пераносяць працяглыя перыяды засухі і ў кватэры таксама здольныя вытрымаць кароткачасовае перасыханне глебы. Паліваюць расліну толькі пасля поўнага прасыхання грунту ў гаршчку і сочаць, каб у паддоне не заставалася вада. Пры празмерным увільгатненні лісце можа пакрыцца плямамі і апасці. Узімку паліў павінен быць рэдкім і ўмераным.

- Расліна прыстасаваная да сухога паветра памяшканняў, але калі ў вас яно зімуе поруч уключаных батарэяў, пажадана апырскваць крону з пульверызатара. 

- Абавязкова патрэбна восеньскае фармуючае абразанне, можна аформіць аліву ў выглядзе куста або штамбовой формы. Калі вы не імкнецеся да квітнення, то абрэзку можна праводзіць у любую пару году.

Як бачым, выканаць тэмпературныя патрабаванні алівы ў кватэры вельмі цяжка, і, хутчэй за ўсё, ідэальным месцам для яе ўтрымання на працягу ўсяго года будзе зашклёны сонечны гаўбец, калі зімой тэмпература на ім не апускаецца ніжэй за +5°С.

Аліўкавы дрэва размножваецца тронкамі ад старых і маладых пабегаў. Іх укараняюць, як звычайна, у зачыненай цяплічцы. Расліны, якія выраслі з чаранкоў могуць ужо праз тры гады парадаваць першым ураджаем. Костачкамі са свежых пладоў размнажэнне праблематычна, бо яны вельмі цвёрдыя, і для прарастання запатрабуецца апрацоўка сернаю кіслатою. Вырасшыя з костак дрэўцы даюць першы плод толькі пасля 10–15 гадоў. 

Для перасадкі падбіраюць гаршчок на пару сантыметраў больш, чым дыяметр каранёвай сістэмы. Робяць добры дрэнаж з керамзіту альбо пенапласту і засынаюць яго лёгкаю урадліваю зямлёю. Маладыя расліны перасаджваюць спосабам перавалкі адзін раз на год, а дарослыя - раз на некалькі гадоў.

Па сутнасці, догляд за аліўкавым дрэвам не такі ужо і складаны. Паспрабуйце выгадаваць гэтую дзіўную расліну ў сваёй хаце. Калі вам атрымаецца пасябраваць з ёю, то вы абавязкова здзівіце сяброў алівамі ўласнай вытворчасці.